XII з’езд КП(б)Б
Двана́ццаты з'езд Камуністы́чнай па́ртыі бальшавіко́ў Беларусі. Адбыўся 5 — 14 лютага 1929 года ў Мінску. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 членаў і кандыдатаў у члены партыі.
Парадак дня
[правіць | правіць зыходнік]- Справаздача ЦК КП(б)Б (Я. Б. Гамарнік);
- Даклад Рэвізійнай камісіі КП(б)Б (Я. М. Кроль);
- Справаздача ЦКК КП(б)Б (А. Я. Калнін);
- Даклад аб пяцігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР 1928/29-1932/33 (М. М. Галадзед) і другая частка даклада аб гаспадарчым будаўніцтве (М. М. Карклін);
- Аб рэгуляванні росту і чыстцы партыі (І. А. Васілевіч);
- Аб рабоце прафсаюзаў (І. П. Рыжоў);
- выбары цэнтральных органаў.
Праца з'езда
[правіць | правіць зыходнік]3'езд ухваліў палітычную лінію, арганізацыйную і ідэйна-выхаваўчую работу ЦК КП(б)Б, якая адпавядала пастановам Адзінаццатага з'езду КП(б)Б і Пятнаццатага з'езду УКП(б). Адзначыў, што КП(б)Б згуртавала свае рады ў барацьбе супраць трацкістскай апазіцыі і правага ўхілу, выключыла трацкістаў з партыі і выкрыла трацкізм у вачах шырокіх мас працоўных, што ўзмацніла іх давер да партыі. З'езд даручыў новаму складу ЦК і ЦКК і надалей весці рашучую барацьбу з правым і левым ухілам за адзінства партыі. Ён канстатаваў уздым народнай гаспадаркі БССР, рост удзельнай вагі прамысловасці, уздым сельскай гаспадаркі, умацаванне сацыялістычных элементаў у народнай гаспадарцы, павышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню працоўных.
Вынікі з'езда
[правіць | правіць зыходнік]З'езд прыняў кантрольныя лічбы 1-га пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР, абмеркаваў пытанні рэканструкцыі народнай гаспадаркі на новай тэхнічнай аснове, падрыхтоўкі кадраў кваліфікаванных спецыялістаў і рабочых, тэмпаў індустрыялізацыі. Прызнаў за неабходнае рэгуляваць склад партыі і намеціў да канца 1930 года мець у КП(б)Б не менш, як 50% рабочых, занятых на вытворчасці, у тым ліку батракоў і сельскагаспадарчых рабочых. Намеціў правесці з 1 сакавіка 1929 года чыстку партыі.
З'езд выбраў ЦК КПБ у складзе 77 членаў і 57 кандыдатаў у члены, ЦКК — 76 чалавек і Рэвізійную камісію КПБ з 7 членаў. На пленуме 15 лютага 1929 года выбрана Бюро ЦК КП(б)Б у складзе 13 чалавек і 7 кандыдатаў, сакратарамі ЦК выбраны Я. Б. Гамарнік і І. А. Васілевіч.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Стэнаграфічная справаздача XII з'езду КП(б)Б (5—16 лютага 1929г.). Мн. 1929;
- Рэзалюцыі XII з'езду Камуністычная партыі (бальшавікоў) Беларусі (5—16 лютага 1929г.). Мн. 1929.